№ 12 от 11.02.2015
 
 
Рубрики
  
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
 
 
 
Культура
11.02.2015
А ў нас сёння Масленка!

Днямі давялося трапіць на Масленічны тыдзень у вёску Дубы і стаць там сведкай цікавай імпрэзы. Справа ў тым, што ўдзельнікі вакальнай групы «Сялявіца» Прошыцкага сельскага клуба-бібліятэкі ў сваёй далейшай творчасці мяркуюць выйсці за рамкі спеваў і паспрабаваць сябе ў аднаўленні старажытных народных абрадаў. Масленіца натхніла іх нездарма, бо гэта першае веснавое свята, звычайна ладзіцца весела і шырока, услаўляе прыход вясны, сонца і цяпла. Даведаўшыся аб творчым пачынанні, мы напрасіліся на рэпетыцыю. І хоць справа яшчэ ў самым пачатку, але давялося пабачыць і пагутарыць пра многае.
Наталля Андрэеўна Чартовіч, загадчыца клуба і кіраўнік вакальнай групы, запрасіла ўсіх у Дубы, дзе яна жыве. Вядома ж, у маляўнічым месцы, дзе прырода і раздолле, і творчы працэс ідзе з большым натхненнем. Масленіца – вельмі вясёлае свята, заведзена апранацца ярка і прыгожа, таму, каб пачынаць ужывацца ў вобразы, вакальная група апранулася ў сцэнічныя касцюмы. Да таго, дзея праходзіць на вуліцы, таму трэба паглядзець, каб было годна і цёпла, бо што гэта за артыст, які мерзне?
І вось мы ўжо не можам утрымацца, каб не сфатаграфаваць такую прыгожую кампанію. Гэта Наталля Андрэеўна Чартовіч, акампаніятар Юрый Іванавіч Бародкін – яны прафесійныя культработнікі, а вось астатнія артысты – прадстаўнікі іншых прафесій. Галіна Міхайлаўна Бародкіна працуе ў Худавецкай школе, Галіна Міхайлаўна Гурачэўская, Людміла Сцяпанаўна Страленя – сацыяльныя работнікі. На жаль, па ўважлівых прычынах не змаглі ў той дзень прыйсці Ганна Мікалаеўна Бялаўская і Інэса Аляксандраўна Вашкевіч.
Шмат масленічных рытуалаў ці абрадаў звязаны з сямейнай сферай. І, бадай, яны найбольш сугучныя зараз нам, чым тыя, што маюць земляробчы і жывёлагадоўчы ўхіл. І таму жанчыны наперабой успаміналі з уласнага жыцця, як для іх «трэслі падушкі» ці «разувалі маладуху».
– Гэтыя абрады адрозніваюцца па форме, але сэнс у іх падобны, – тлумачыць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік. – Пры іх ладзяцца абходы тых маладзіц, якія пабраліся шлюбам у мінулым годзе. Да іх збіраліся жанчыны, ладзіўся пачастунак. Але мала хто ведае, што калі гаспадары паводзілі сябе стрымана, не запрашалі ў хату і не частавалі, то гэта значыла, што бацькі не задаволены нявесткай. Вось такі, даволі глыбокі сэнс.
Таццяна Іванаўна прыгадала яшчэ адзін цікавы абрад, дарэчы, уласцівы нашаму Крупскаму раёну. Першы блін, які выпякалі на Масленіцу, быў асаблівы. «Ражком спякуць гэты блін, як у каровы рог, пальюць маслам і даюць карове», – так успаміналі старажылы рытуал, які ладзіўся для таго, каб была здаровай і пладавітай жывёла.

З гэтага наша размова сама сабой перайшла на бліны – якая ж Масленіца без іх? І тут гаспадары па-сапраднаму здзівілі нас – шэсць разнавіднасцяў бліноў з’явіліся на стале ў альтанцы, дзе мы гутарылі. «Гэта толькі невялікая частка таго, што мы ўмеем, проста так, каб паказаць і падтрымаць атмасферу свята. Тыдзень то масленічны», – гаварылі жанчыны. Зразумела, мы не адмовіліся ад пачастунку, тым больш, што надарылася добрая магчымасць распытаць, хто як пячэ.
– Вось проста бліны, – гаворыць Наталля Андрэеўна Чартовіч, паказваючы на ўнушальны стос на талерцы. Яны без начыння, вельмі смачныя са смятанай, мёдам, варэннем.
Мяне здзівіла, што ў гэтых простых блінах такога дзіўнага, што яны надзвычай пульхныя і наздраватыя? Прызнаюся, магла паспрачацца, што такія атрымліваюцца толькі на сыраквашы ці на кефіры. Але не – салодкае малако, соль, сода, яйкі.
– Толькі цеста трэба абавязкова рабіць густым, тады бліны атрымліваюцца такімі тоўсценькімі і прыгожымі, – раіць Наталля Андрэеўна.
– На кефіры вось гэтыя бліны, і тыя таксама, – паказвае Галіна Міхайлаўна Бародкіна. І зноў азадачвае мяне: блінцы тоненькія з хрусткай, ажурнай акаёмкай. – Рэцэпт нарадзіўся спантанна – проста ў тую хвіліну, калі вельмі трэба было пекчы бліны, пад рукой не сталася салодкага малака, на якім звычайна замешваю цеста.
Затое былі кефір, фантазія гаспадыні і тэрміновае жаданне сямейнікаў пад’есці бліноў. Замясіла ўсё як звычайна, але дабавіла крыху вады. І бліны папякліся тоненькія, мякенькія. Вельмі дарэчы яны, фаршыраваныя капустай і морквай, загорнутыя невялікімі канверцікамі.
Унесла Галіна Міхайлаўна ў звычайныя бліны і творчы нюанс, які некалі падгледзела ў літаратуры. А робіцца так: бярэцца частка замешанага цеста і фарбуецца парашком какавы. Затым белае цеста наліваецца на патэльню і адразу пачынае падпякацца, а на непадпечаным баку тоненькім струменьчыкам з шакаладнага цеста малюецца ўзор. Блін пераварочваецца, дапякаецца маляваным бокам. У выніку атрымліваецца вельмі эфектна, падобна на зебру. Затым начыняецца тварагом з разынкамі ці іншым салодкім начыннем.
– Я раблю заварное цеста. Падобнае, як Галя, толькі запарваю кіпенем. З гатовых бліноў складаю торт, можна праслаіць чым заўгодна, у мяне тут грыбны фарш, мясны фарш, цыбулька. І так можна мазаць якой хочаш вышыні, пакуль не скончацца начынка і бліны. А зверху сыр і маянэз, – паказвае свой шэдэўр Галіна Міхайлаўна Гурачэўская. – Вось такі залацісты торт, яго трэба рэзаць на кавалачкі і не чакаць, пакуль астыне, вельмі смачны цёплы.
– А вы робіце цеста на малацэ ці на кефіры? – пытаюся ў Людмілы Сцяпанаўны Стралені.
– Не, – адказвае, – на вадзе. Атрымліваюцца роўненькія і гладзенькія. Гэта бліны з прыпёкам, вось прыдумалася мне так. Блін падсмажваецца з аднаго боку, а на другі пасярэдзіне ўкладваецца слой мяснога фаршу і, каб потым не звальваўся, крыху паліваецца цестам. Затым пераварочваецца, смажыцца мясным бокам – і гатова.
Жанчыны расказвалі пра бліны, а мне вельмі хацелася спытаць пра два пульхныя, духмяныя боханы хлеба, зусім не падобныя да магазінных. Аказалася, гэта тварэнне рук Юрыя Іванавіча Бародкіна, які сціпла заўважыў, што пячэ яго ў сучаснай хлебапечы. Але тут жа яму запярэчылі, што такі адмысловы атрымліваецца менавіта ў яго. 
Прызнацца, што ў пачатку размовы пра бліны я думала, што запішу колькі рэцэптаў з канкрэтнымі грамамі, сталовымі лыжкамі і колькасцю яек. Але замест гэтага сам сабой прыйшоў філасофскі вывад, што зусім не гэта галоўнае. Звычайны на першы погляд блін – гэта не проста страва, гэта невычарпальная крыніца для кулінарнай творчасці. І самае важнае тут – энергетыка рук гаспадыні, яе душа і сэрца. Дарэчы, гэта лёгка праверыць. Паспрабуйце разам з маці ці сваёй сяброўкай па адным рэцэпце – лыжка ў лыжку – пекчы бліны, і ў вас ўсё роўна атрымаецца інакш.
Традыцыю блінных пачастункаў удзельнікі вакальнай групы «Сялявіца» апрабавалі ў мінулым годзе і працягваюць сёлета. Наталля Андрэеўна расказала:
– Калі пачынаецца Масленіца, кожны дзень па чарзе мы прыносім свае бліны ў клуб. Загадзя пішам аб’явы і запрашаем мясцовых жыхароў. І нават без аб’яў людзі ведаюць і прыходзяць. Рэпетыруем, спяваем песні, частуемся. Мяркую, што традыцыя гэта стане часткай новай дзеі, якую мы задумалі і пачалі рабіць.
Даволі прыгожая масленічная традыцыя – катанне на конях. Гэта павінна стаць часткай праграмы. Мы паназіралі за рэпетыцыяй. Ля сядзібы Чартовічаў нас чакаў засцелены маляўнічымі посцілкамі вазок. У яго быў запрэжаны конь Ромка – сімпатычная і разумная жывёліна. І зноў нельга было не ўзяцца за фотаапарат. Артысты паселі ў вазок, узяўшы з сабой маленькага ўнучка Бародкіных, якому ўвесь час хацелася ўключыцца ў дзею, ён круціўся ля дарослых, але дзелавіта не перашкаджаў. Робім фотаздымкі, хочацца, каб усе трапілі ў кадр, уключаючы каня, што ўдала атрымліваецца не заўсёды.
– А вы яго паклічце, – раяць мне.
– Ромка, Ромка, глядзі сюды! – выконваю параду без асаблівай надзеі. Але конь тут жа паслухмяна паварочваецца і глядзіць туды, куды трэба.
Цікава, чаму ў каня такая мянушка? Пытаюся ў гаспадыні Людмілы Сцяпанаўны. Аказваецца, што завуць яго Гром, але ўсе прывыклі да памяншальна-ласкавага Ромка, выказваючы асаблівыя адносіны, якіх ён, без усялякіх сумненняў, заслугоўвае.
І вось Ромка спачатку паволі, а затым усё хутчэй і хутчый панёс вазок з шумнай кампаніяй па вясковай вуліцы…
Развітваліся мы з самадзейнымі артыстамі надвячоркам. Дзякавалі за гасціннасць і паспадзяваліся, што ўбачым не толькі рэпетыцыю, але і само свята, дзе будзе шмат удзельнікаў і гледачоў. Бясспрэчна, гэта будзе цікава.

Марына БАРАДАЎКА.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.

© Крупскi веснiк, 2009-2013. При перепечатке материалов сайта активная ссылка на krupki.by обязательна!

Дизайн и разработка БЕЛТА
Каталог TUT.BY Rating All.BY Яндекс.Метрика